КРАСАВІК

Ластаўка вясну пачынае, а салавей канчае
Красавік сініць і дзьме, бабам цяпло нясе, а мужык пазірае ды галавою ківае.
У красавіку грымот — цёплы будзе год.
Красавік сушыць, нічога з зямлі не рушыць.
У красавіку зямля грэе.
У красавіку дождж праходзіць, сонца грэе — тады ўсякі не збяднее.


Назва гэтага месяца года паходзіць ад слова “красаваць”, бо ў ім з’яўляюцца першыя краскі-кветкі.




1/19 - Дар'я Вясенняя. 
Свята вясны ў некаторых паўночна-ўсходніх  раёнах. На апошні сняжок і ранішні мароз сяляне выносілі адбельваць палотны. У царкоўным календары - дзень пакутнікаў Хрысанфа і Дар'і  і з імі пакутнікаў Клаўдзія-трыбуна, Іларыі, яго жонкі, Іясона і Маўра, іх сыноў, Дыядора-прэсвітэра і Марыяна-дыякана. У гэты дзень ушаноўваюцца царквою і іншыя прападобныя і пакутнікі, у тым ліку праведніца Смаленскай, што называецца " Замілаванне". Як у беларусаў, так і ў многіх іншых народаў 1 красавіка звязана з днём смеху і дружалюбнага падману.

4/22 - Васіль Сонечнік.
Свяшчэннапакутнік Васіль, прэсвітэр Анкірскі, які быў замучаны за веру ў Хрыста арыянамі 23 чэрвеня  362 г., атрымаў прозвішча Васіля Сонечніка. " Васіль Сонечнік  ледзяшы са стрэх здымае ". "Васілій Капельнік - с крыш каплет".
Пяклі ў гэты дзень калачы. Ужо вельмі яны падобныя на сонечныя кругі! І усе дамачадцы, пакуль па калачу за сталом не з’ядзяць, іншых пачастункаў не павінны былі чапаць.
Старыя казалі:"Які ні гарачы Васіль-сонечнік, а кафтан скідаць пачакай"
Памяць аб ім была перанесена на гэты дзень, каб не адзначаць разам са святам Пятра і Паўла.

Пахвальная субота.
Дзень  на Пахвальным тыдні. Не працавалі, святкавалі. У Лельчыцкім раёне ў " Пахвальную суботу і ўвесь тыдзень баяліся грымаць кроснамі, каб не грымеў гром".

Благавесны тыдзень.
Тыдзень, на які прыпадае Благавешчанне. У некаторых рэгіёнах звязаны з забаронамі, што і асноўвае свята Благавешчання. "На благавесным тыдні не навіваюць красён, не снуюць - мусіць, дзеля гадзюк".

7/25 Благавешчанне (Дабравешчанне, Звеставанне)
Забаранялася снаваць кросны, на ўсе лета будзе хварэць той, хто носіць тканіну з такой асновы. Лічылася вялікім святам, святам прылету буслоў, ластавак. Дзеці сустракалі птушку радаснай песняй:
Бусел, бусел-клекатун,
Узяў бабу за каўтун...
 У гэты дзень забаранялася гарадзіць плот, убіваць у зямлю колле, не пачыналі сеў, не выганялі першы раз кароў, не вывозілі гной у поле. Гаспадыня падымалася раней мужа, каб выканаць абрад «развязвання сахі». У Свіслацкім раёне жанчыны не расчэсвалі валасы, каб «куры расаду не дралі». Пасля абеду ў многіх раёнах Беларусі «гукалі вясну».
Песні напаміналі пра далёкія часы куплі-продажу нявест і іншыя рэлікты. Моладзь наладжвала гульні, карагоды. На паўднёвым усходзе Беларусі «вадзілі стралу».
У валачобных песнях апавядаецца:
Благавешчанне – араты на ніву, 
Араты на ніву, сядун на прызбу. 
Гаспадару, слаўны мужу, 
Слаўны мужу над мужамі, 
Вазьмі, ваша, нову сошку 
Да й коніка варанога, 
Варанога, маладога 
Едзь жа, ваша, у чыста поле, 
У чыста поле заараць 
З соллю, з хлебам...
Пра свята ходзіць шмат прымавак: «Да Благавешчання зіму не лай і сані трымай»; «З благавешчанскага цяляці каровы не ждаці»; «На Благавешчанне дзеўка косу не пляце, птушка гнязда не ўе».
Гуканне вясны 
Дзяўчаты выходзяць да гумнаў, залазяць на стрэхі і, седзячы на іх, спяваюць цыкл вяснянак, у якіх кожны слупок заканчваецца выклічнікам «Гу!» Калі ідуць на вуліцу, з тымі ж песнямі водзяць «танкі». У Ельні Чэрыка ўскага павета сыходзяцца ля лазні, збіраюць мялля, г. зн. кастрыцу ад ільну і пянькі, разводзяць агонь. Каля кастра і спяваюць вяснянкі. ( «Так палюць мялля ўсякую вічарыну аж да васкрэсных днёў».)








У некаторых месцах з вёсак накіроўваюцца на бліжэйшы пагорак, там і «гукаюць вясну». Нарэшце, дзе гэты звычай забываецца, дзяўчаты спяваюць вяснянкі проста ў сябе на прызбах. У апошні час у «гуканні вясны» большы ўдзел прымаюць і дзяўчынкі гадоў 12 –14.
Абрад Ваджэнне «стралы» з выхадам у азімае жыта.
...Дзяўчаты ідуць з пагорка чарадою ўздоўж вуліцы на другі канец вёскі і спяваюць:
Ой, пушчу стрялу да по ўсем сялу. 
Ой, і я лелі, – да па ўсем сялу. 
Ой, ляці, стряла, по конец сяла! 
Ой, убій, стряла, добра моладца! 
Ой, ляжыць цела, як бумага бела. 
Ой, ніхто к целу не прыступіцца. 
Прыступілася адна Йванаўна. 
Ой, узяла цела да й на ручанькі, 
Панесла цела да й да цэркаўкі. 
Сама цэркаўка й атварылася, 
Самі свечы да запаліліся, 
Самі кнігі да зачыталіся. 
Ой, сама я села да ля цела бела, 
З мяне, маладой, да слёзкі палілі. 
Ой, сама я цела да на ручкі ўзяла, 
На ручкі ўзяла, ох, заплакала: 
– Ох ты цела маё, цела, 
Ой, зачым я ля цябе села...
У канцы вёскі дзяўчаты робяць карагод і танцуюць пад спевы. Вечарам у гэты дзень наймаюцца музыкі, і ў абранай хаце наладжваецца пагулянка

Засеўкі.
Звычайна пачыналі на Храшчатым тыдні або пасля Благавешчання. Селянін адзяваўся ў чыстае, браў з сабой грамнічную свечку, "Храсты", асвечаную галінку вярбы, яйкі і т.д. У гонар таго, што асноўныя работы пачыналіся ў селяніна не ў хаце, а на двары і менш прыхадзілася карыстацца асвятленнем, выконвалі абрад "жаніцьба коміна".

Вербніца.

Нядзеля перад Вялікаднём. У царкве ў суботу асвячалі галінкі маладой вярбы, адзін аднаго сцябалі імі, прыгаворваючы: "Вярба б'е, не я б'ю, за тыдзень - Вялікдзень. Будзь здаровы, як вада, будзь багаты, як зямля!".Адзначанне хрысціянскай Вербнай нядзелі мае з народнымі традыцыямі большыя сувязі, чым іншыя святы.




 Як народная, так і царкоўная традыцыя маюць адзін асноўны сімвал- вярбу.






Каталіцкая Пасха.
У католікаў. Бывае раней праваславнай. На Шуміліншчыне гавораць: на каталіцкую Пасху  і ў суботу перад ёю нельга садзіць бульбу, бо завядуцца чэрві. Як справядліва заўважыў фалькларіст А. Ліс, "адметная з'ява ў валачобных песнях - момант пераадолення канфесійнага падзелу беларускага этнасу: у сужэце " працоўны каляндар" у за лежнасці ад асяроддзя бытавання аднолькава функцыяніруюць вобразы апосталой - святаў праваслаўнага і каталіцтва сінкліту".

Чысты панядзелак.
Бялілі і мылі хаты. Існавалі такая прыкмета: як зязюля закукуе за с12 дзён да Юр'я на "голы" лес, то не чакай ураджаю; будзе хварэць жывёла. Дні ўсяго тыдня мелі свае назвы: Блакітны панядзелак, Белы аўторак, Чорная серада, Вялікі чацвер, Доўгая пятніца, Вясёлая субота, Чырвоная нядзеля.


14/1 - Прабуджэнне дамавіка.
Паўсюдня вядома выслоўе: "Апрэль - нікаму не вер", якое караспандэнтамі этнографа Ю. Крачкоўскага тлумачылася тым, што нібы ў гэты дзень прабуждаўся дамавік і неабходна было хлусіць, каб заблытаць яго.

15/2 - Палікарп. 
Дзень хрысцінскага пакутніка Палікарпа асацыіруецца з голадам, бо раней да гэтага часу адсяваліся, і, часцей, апошнім зернем." На Палікарпа пачатак бясхлебіцы", - гаворыць у народзе.

Дравяная страсць.
Серада на Страсным тыдні. Мыюць у хаце ўсё драўлянае. Пярэдадзень Чыстага чацвярга вызначаецца наступным звычаем: "Кладуць пад страху хлеб, соль і мыла. З гэтым хлебам выганяюць скаціну, соль дапамагае ад сурокаў, а мылам  у чацвер да сонца мыюцца ў лазні, каб быць чыстымі цэлы год".

Чысты чацвер.
Чацвер на Вербным тыдні. Хадзілі мыцца ў лазню, на "бягучую ваду", на расу, каб не было на целе хвароб, клапоў у хаце :Чысты чацвер вулкі чысце, дваркі мяце, слядкі кладзе... к святому Вялічку". У хаце ўжо ўсё было памыты, бо, як лічаць на Свіслаччыне, у гэты дзень нельга мыць - "зальеш Хрысту вочы". Варылі вячэру, у некаторых раёнах не елі - "жыльнікавалі" да Вялікадня. У Смаленскай губерні заклікалі на вячэру "мароза":

Мароз, мароз,
Ідзі кісель ісці!
Ня бей наш авёс.
Вясна-красна
Каля рэчышкі ішла,
К нам прышла,
Лета прынісла. (1914 г.) 
Там жа, сядаючы на палок у лазні, гаварылі: "Хрышчыны на палок, нехрышчыны - з палка", выходзячы, пакідалі лазніку вядро вады і венік.

Чырвоная (Вялікая, Велікодная, Пакутная) пятніца. 
Рыхтаваліся да вялікага свята. "Пасцілі шчодрым постам, толькі сыту з мёду пілі".

Чырвоная (Вялікая, Велікодная, Пакутная) субота. 
Апошні дзень перад Вялікднем. Пяклі пірагі, фарбавалі яйкі цыбульнікам ці васкавымі жамерынамі. На Мазыршчыне фарбавалі ў чырвоны колер, але калі хто-небудзь з родных паміраў у годзе, дык у чорны ці які іншы.
"У Вялікую суботу ўночы дванадцаць сялянскіх дзяўчат надзяваюць белыя кашулі, бяруць саху і праводзяць ею баразну вакол усяго сяла з малітваю: "Да ўваскрэсне Бог" Гэтым, паводле павер'я сялян, адыдзе ўсе нядобрае на цэлы год"

Вялікдзень (Вялікадзень, Вялічка, Пасха, Паска, Хрыстос).
Вялікае гадавое вяснавое свята, карані якога вядуць у глыбокаю старажытнасць. Ім некалі адкрываўся новы каляндарны год. Свята пачыналася "ўсяночнай". З Чырвонай суботы на надзелю многія не спалі, на вуліцах гарэлі кастры, чулася стральба, у царкве свяцілі пафарбаваныя яйкі, пірагі, мак, хрэн, мяса, і інш. Раніцай хадзілі глядзець "гульню" сонца, пафарбаванымі яйкамі гулялі  "ў біткі", качалі іх, вадзілі карагоды.
Умываліся вадой толькі з чырвоным яйкам. Елі толькі свянцонае.
Каляндарныя валачобныя песні - характэрная адметнасць беларусаў. У адной з песень, што выконваліся на Вялікдзень, гаварылася:
Старым і малым яечкі качаць,
Яечкі качаць, святцаў праважаць,
А гэта святца адзін разочак у гадочак...
А таксама:
Святое Вялічка ды гуляць вяліць,
Малым дзеткам з красным яечкам,
Старым мужам - мужжываннейка,
Старым бабкам - пагуканнейка,
Маладым малайцам - паляваннейка,
Маладым паненкам - пагуляннейка...

Лічылася, што на Вялікдзень пачынае кукаваць зязюля.
На Случчыне дзяўчаты скакалі цераз сані. "Каторая, пераскакваючы, упадзе. тая застанецца старою дзеўкаю дзеваваць"
У народных вышыўках Вясна-Вяснянка звычайна адлютроўваецца ў выглядзе дзяўчыны з вянком на галаве, кветкамі ў руках.

Працяг вялікоднага тыдня
У царкоўным календары - гэта Светлая седміца. У панядзелак і аўторак свята працягваецца. У большасці раенай Беларусі хадзілі валачобнікі. Спявалі песні гаспадару і гаспадыні, дзяўчыне, хлопцу, бабцы
Першы дзень пірагі маюць (нядзеля)
А сярэдні дзень пагуляюць (панядзелак)
А паследні дзень выпраўляюць (аўторак)
Людавы дзень
Чацверты дзень Вялікдня. Білі і качалі яйкі з лубкоў. Гушкаліся на арэлях

Прашчэнне (прошчаны дзень)
Пятніца на Вялікодным тыдні. У гэты дзень цесць і цешча звалі зяця і яго радню на "маладое піва"

21-Руф
Прысвятак, лічыўся апошнім днем зімы. Руф рушыць снягі, зіму.

Праводная (Прабудная) нядзеля (Провады)
Нядзеля пасля Вялікоднага тыдня, на якой праводзілі Вялікдзень і зімуў некаторых раенах Палесся. Кідалі пасталы ў агонь і скакалі цераз яго. Вечарам, або на наступны дзень качалі яйцо качаргою, прыказваючы "Ідзі зіма, до Кучэва, ужэ ты нам надакучала, Ідзі зіма, до Кракова, прыйдзеш да нас адзінакава". Хадзілі на могілкі памінаць родзічаў. Провады валікадня могуць быць і ў панядзелак.

28 Пуд
Зазначалі: Руф - рушіць , а Пуд так "пугне" снег, што яго не застанецца ў равах.

Радаўніца (Радуніца, Мёртвы дзень, Праводны дзень)
Аўторак другога тыдня пасля Вялікадня, дзень памінання памерлых на могілках.
Вядомы ва ўсіх славян. У народзе гавораць: "На Радаўніцу да абеду пашуць, па абеду плачуць, а к вечару скачуць" У валачобных песнях пяецца:
Радаўніца - 
Сталы засцілаць,
Дзядоў памінаць...
Радаўніца
Бараніць
Чыста поле
Яравое
Да й раўнуіць...

30 Зосім
Згодна з народным паданнем, гэта ахоўнік пчол. Ён упамінаецца ў многіх пчаліных замовах.

Андрыянава ноч (Андрэй)
Вядома як ноч дзявочых гаданняў і варажбы пра замужжа. Гадалі на канапляным семені, якое пабывала ў царкве. Прасілі ў Андрыяна, каб прысніўся той, з кім дзяўчына будзе "ў пары на вясне"

Комментариев нет:

Отправить комментарий